Дзівосныя скрыні батлейкі распахнуліся ў 9 раз на адкрытым рэгіянальным фестывалі батлеечных тэатраў, які прайшоў у Смаргонскім раённым цэнтры кульутры 11 студзеня.
Лялечны тэатр – адно з самых яркіх відовішчаў. Ён прыцягвае сваёй незвычайнасцю і маляўнічасцю, які з даўніх часоў захоплівае як дзяцей, так і дарослых, пераносіць у зусім іншы, займальны свет. Такія пастаноўкі вяртаюць нас да вытокаў беларускіх традыцый, далучаюць да духоўна-маральных каштоўнасцей, дапамагаюць аднавіць сувязь паміж мінулым і сучаснасцю, акрамя гэтага, яны заўсёды прасякнутыя павучальнымі момантамі.
І сёння, прайшоўшы праз многія стагоддзі, ён па-ранейшаму актуальны. А смаргонская гасцепрыімная зямля з’яўлецца своеасаблівым маяком для адраджэння беларускай батлейкі. Рэгіянальны фестываль “Чароўны свет батлейкі” ладзіўся ў 9 раз і запрасіў батлеечных артыстаў, каб прадэманстраваць гледачам і кампетэнтнаму журы сваё майстэрства.
Батлейшчыкі з 8 культурных куткоў нашай неабсяжнай краіны (Смаргоні, Залесся, Гродна, Ліды, Магілёва, Лагойска, Ракава і Міра) не толькі паставілі лялечныя спектаклі, але і здзівілі сваёй сюжэтнай лініяй, вобразамі і касцюмамі герояў, змаглі падараваць гледачу шмат думак для асэнсавання.
Перадаць сакральны змест класічных калядных пастановак і інтэрпрытаваных арыгінальных гісторый, падабраць інтанацыю, адаптаваць старажытнае мастацтва пад сучаснае і не згубіць яе атмасферу, каб зачапіць гледача – задача не з лёгкіх, але ўсе артысты з ёй справіліся на “ура!”
Напрыканцы фестывалю ў самай прыязнай абстаноўцы журы адзначыла дыпломам кожны калектыў. А вось уладальнікамі першага месца сталі артысты ўзорнага тэатральнага калектыву “Жаронцы” з Ракава. Другое месца падзялілі паміж сабой батлеечны тэатр “Валошкі” з Магілёва, народны аматарскі тэатр “Батлейка” з Ліды і народны лялечны тэатр “Батлейка” Мірскага дзяржаўнага каледжа. Трэцяе месца атрымаў народны тэатр лялек “Батлейка” з Залесся. Прыз глядацкіх сімпатый “Батлейка Хіт” дастаўся юным батлейшчыкам з Магілёва.